СПАРТЫ́ЎНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,
галіна медыцыны, якая вывучае ўплыў фізкультуры і спорту на здароўе, фіз. развіццё і функцыян. магчымасці арганізма чалавека. Асн. кірункі: функцыян. дынамічная анатомія (марфал. змены ў мышачнай, касцявой і інш. сістэмах пад уплывам спарт. нагрузак); фізіялогія фіз. практыкаванняў і спорту (змены дзейнасці розных сістэм і органаў пад уплывам спарт. нагрузак); біяхімія спорту (складаныя біяхім. працэсы ў арганізме спартсменаў); гігіена фізкультуры і спорту; спартыўныя кардыялогія, траўматалогія, фармакалогія і інш. Вывучае таксама паталаг. змены дзейнасці сістэм арганізма чалавека пры нерацыянальных трэніроўках, распрацоўвае прафілакт., лячэбныя і рэабілітацыйныя мерапрыемствы, удасканальвае метады дыягностыкі функцыян. сістэм асоб рознага ўзросту, якія займаюцца фізкультурай і спортам.
Літ.:
Спортивная медицина. 2 изд. М., 1987;
Майкели Л., Дженкинс М. Энциклопедия спортивной медицины: Пер. с англ. СПб., 1997.
т. 15, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)